пятница, 10 апреля 2020 г.


                         Беларуская мова 11-1, 11-3 клас на 20-24 красавіка
Тэма “Сінтаксічныя прыметы складаных сказаў з рознымі відамі сувязі”
Заданні:
1.Азнаёміцца з матэрыялам параграфа 19 падручніка.
2.Выканаць дыягнастычны тэст.

 
ДЫЯГНАСТЫЧНЫ ТЭСТ ПА ТЭМЕ  “СКЛАДАНЫ СКАЗ З РОЗНЫМІ ВІДАМІ СУВЯЗІ”

1.Адзначце складаныя сказы з рознымі відамі сувязі.
1) Святлее зямля – святлее душа чалавека, чысцеюць думкі.
2) І бацька моўкне і чакае, што скажа дзядзька або маці, і ціха стала ўраз у хаце.
3) Я ўдзячны лёсу, што з усіх краёў ён выбраў для мяне навекі гэты, дзе бальшакі прастуюць між палёў, а па сцяжынках коцяцца ранеты.
4) Мы хочам, каб усюды ў нашай краіне, ва ўсіх яе гарадах і вёсках былі прыгожыя кветкі.
5) Я ведаў: папяловая хмара – на град.
2.Адзначце колькасць частак у сказе.
Вясна прыйшла ў гэты год надзіва рана, люты не лютаваў, не шалеў завеямі, не бушаваў мяцеліцамі, радасць адчувалася ва ўсім: твары людзей быццам свяціліся знутры, паветра звінела, на дрэвах лопаліся пупышкі, і яшчэ кволыя лісцікі імкнуліся хутчэй вырвацца на волю, на сустрэчу з сонцам.
10;
8;
6;
9;
7.
3. Адзначце, на аснове камбінацыі якой сінтаксічнай сувязі пабудаваны сказ:
Днём радавала пагода, ярка свяціла нізкае чырвонае сонца, і аднекуль з чыстага неба сыпаўся сіні іней; ночы стаялі месячныя, ядраныя: была поўня.
1) Бяззлучнікавая і злучальная;
2) злучальная, падпарадкавальная і бяззлучнікавая;
3) злучальная і падпарадкавальная;
4) бяззлучнікавая і падпарадкавальная.
4. Адзначце, якая схема адпавядае сказу:
Увечары, калі над пальмамі загарэліся цёплыя зоркі і месяц паклаў свае залатыя дарожкі ў моры, а ў цёмным кіпарысавым гаі аглушальна зацёхкалі салаўі, падышлі з гітарай мясцовыя хлопцы – рыбакі, механікі, аграномы, сяляне, і пачаўся цудоўны вечар дружбы.
1) [ ], (калі...), і [ ].
2) [..., (калі...) і (...), а (...), ... ], і [ ].
3) [ ], (калі...), і (...), а (...), і [ ].
4) (Калі...), і (...), а (...), [ ].
5) [ ...,(калі...)...], і [ ].
5.Адзначце сказы з пунктуацыйнай памылкай:
1) Абрысы хат з заснежанымі стрэхамі зводдалі ў цемры нельга было разабраць, і агеньчыкі нагадвалі буйныя зоркі, што ўпалі з неба на снегавое раздолле.
2) Палеткі акружалі вёску, і, калі гладзець на вёску здалёку, то яна здавалася невялікім зялёным асьраўком у жоўтым разліве.
3) Усё навокал памаладзела: пагорак пакрыўся маладой рунню, канава на імшары зелянела ад асакі, а вярба за ноч пажаўцела, бо пупышкі патрэскаліся і з іх здзіўлена пазіралі жоўтыя коцікі.
4) Ні сцюжа не палохае, ні спёка, не гнуся ад нялёгкае хады, хоць і адсталі ад мяне далёка трывожныя юнацкія гады.
Заданне 3:
Выбраць сабе тэму для выказвання з выкарыстаннем складаных сказаў з рознымі відамі сувязі (дадзены сказ для пачатку ці для прыкладу)  і падрыхтаваць выказванне ў пісьмовай форме, даслаць на адрас: ludmilaburvin@yandex.ru
1.Тэма тэксту: «Маё захапленне – кіно».
Камбінаваны сказ. Фільмы даюць магчымасць убачыць свет ва ўсёй яго разнастайнасці: пры іх праглядзе можна даведацца пра многія рэчы, не седзячы за падручнікамі, таму можна сказаць, што глядзець фільмы не толькі цікава, але і карысна.
2.Тэма тэксту: «Маё захапленне – псіхалогія».
Камбінаваны сказ. У асноўным я чытаю кнігі па псіхалогіі: яны не толькі развіваюць, але і маюць практычную значнасць.
3.Тэма тэксту: «Маё захапленне – дзюдо».
Камбінаваны сказ. Я хацеў навучыцца карыстацца прыёмамі так, як і яны, і ў сем гадоў я папрасіў маму, каб яна запісала мяне ў спартыўную школу ў секцыю па дзюдо.
4.Тэма тэксту: «Маё захапленне – жывёлы».
Камбінаваны сказ. Я не разумею людзей, якія самі ж дазваляюць гадаванцу усё, а потым злуюцца, чаму ён так сябе паводзіць, і выкідваюць на вуліцу. 5.Тэма тэксту: «Маё захапленне – вандроўкі».
Камбінаваны сказ. Каталіцкая царква Хофкірхе, пабудаваная ў 1755 годзе на беразе Эльбы, лічыцца самай славутай ў Саксоніі, таму што яе ўпрыгожваюць 78 трохметровых фігур святых і апосталаў, а ў  саборы знаходзіцца магільны склеп саксонскіх манархаў.
6.Тэма тэксту: «Маё захапленне – вольная барацьба».
Камбінаваны сказ. З першай трэніроўкі мне вельмі спадабаўся гэты від спорту, і я хадзіў у спартзалу кожны дзень, каб нічога не прапусціць.
7.Тэма тэксту: “Маё захапленне – мода».
Камбінаваны сказ. Гарсэты гадамі рабілі фігуры жанчын прыгажэй, але жыццё гэта вопратка ўскладняла, і ў 1906 годзе жанчыны ўсяго свету выдыхнулі: куцюр’е Поль Пуарэ прапанаваў насіць сукенкі простага крою, без гарсэтаў.
8.Тэма тэксту: «Маё захапленне – біялогія».
Камбінаваны сказ. Многія лічаць, што нічога цікавага ў біялогіі няма, але гэта не так.
9.Тэма тэксту: «Маё захапленне – здаровы лад жыцця»
Камбінаваны сказ. Для таго, каб мы адчувалі сябе добра і выглядалі здаровымі, трэба звярнуць увагу на здаровы рацыён: садавіна і гародніна абавязковыя кожны дзень!
10.Тэма тэксту: «Маё захапленне – камп’ютарныя гульні».
Камбінаваны сказ. Усе гульні аб’ядноўвае тое, што іх функцыя – даставіць задавальненне ад сюжэту або ад самога працэсу гульні, за гэта іх і любяць.

Чакаю адказаў! Жадаю поспехаў!


Комментариев нет:

Отправить комментарий